Прыклад для пераймання: роля настаўніка ў жыцці крычаўлянкі Веры Зубаравай

2
Прыклад для пераймання: роля настаўніка ў жыцці крычаўлянкі Веры Зубаравай

Кожны чалавек знаходзіць сабе прыклад для пераймання. Гэта можа быць нехта з родных, герой фільма ці сусед з дому насупраць. Вельмі важна сустрэць таго, хто здольны цябе натхніць і дапамагчы дабіцца поспехаў. Вера ЗУБАРАВА, юнкар krichevlive.by, СШ №8 змагла знайсці такога чалавека. Прыкладам для яе стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лілія Піменава.

— Я перайшла ў СШ №8 у трэцім класе. Гэтая школа прыцягвала мяне сваім сучасным выглядам і прыгажосцю. Лічу, што тут працуюць самыя лепшыя настаўнікі. Часам нават дзіўлюся таму, як кожны з іх любіць свой прадмет і наколькі адданы яму. Лілія Уладзіміраўна жыве сваім прызваннем. Некаторыя думаюць, што ўрок беларускай мовы і літаратуры – гэта сумна. Пастаянная праверка правілаў, выкананне практыкаванняў, напісанне дыктовак, завучванне вершаў на памяць, сумны аналіз літаратурных твораў. Але Лілія Уладзіміраўна ўмее так паднесці матэрыял, што ўсім становіцца цікава і зразумела, на ўсе пытанні мы можам атрымаць адказ. Яна не толькі тлумачыць правілы граматыкі, але і дапамагае верыць у сябе, імкнуцца вучыцца яшчэ лепш, — расказвае Вера. — На ўроках беларускай літаратуры мы атрымліваем не толькі веды, але i жыццёвы досвед. Настаўнік вучыць нас быць добрымі, сумленнымі, упартымі, адказнымі.

Пра тое, што Лілія Уладзіміраўна любіць свой прадмет, кажа і той факт, што яна размаўляе на беларускай мове не толькі падчас урока, але і ў паўсядзённым жыцці. Яна вучыць нас ганарыцца сваёй гісторыяй і культурай, шанаваць і берагчы родную мову.

Вось і мяне яна навучыла не саромецца размаўляць на роднай мове, ганарыцца тым, што я – беларуска.

Лілія Уладзіміраўна стала весці ў мяне беларускую мову і літаратуру з 7 класа. Спачатку яна здавалася вельмі строгай і патрабавальнай. Але потым зразумела, наколькі ж я памылялася.

— Я з дзяцінства люблю беларускую мову: мая бабуля расказвала вершы беларускіх паэтаў, мама чытала кнігі на роднай мове. У 4 класе ўпершыню заняла прызавое месца на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, зразумела, што гэта маё. І Лілія Уладзіміраўна ўбачыла маю цікавасць да прадмета і падтрымала. Яна не толькі добры настаўнік, але і выдатны чалавек. Было вельмі прыемна, калі ў дзень алімпіяды яна запрасіла мяне ў свой кабінет, абняла і пажадала поспехаў. А як цікава і пазнавальна праходзяць пазакласныя мерапрыемствы па прадмеце! І ніхто не сыходзіць без прызоў. Здаецца дробязь, але прыемна, — адзначае дзяўчына.

А яшчэ да Ліліі Уладзіміраўны заўсёды можна звярнуцца па параду і дапамогу, яна падкажа, як быць у цяжкім становiшчы.

Я вырашыла здаваць беларускую мову на цэнтралізаваным экзамене. Лілія Уладзіміраўна падтрымала мяне, дапамагае рыхтавацца і кажа, што ў мяне ўсё атрымаецца.

Не толькі для мяне, але і для ўсяго нашага 11 «В» класа Лілія Уладзіміраўна стала не проста выдатным педагогам, а і дзіўным чалавекам, які дзеліцца сваім вопытам і мудрасцю. На яе ўроках мы вучымся галоўнаму ўроку – уроку жыцця.

Гэта той настаўнік, па якім буду вельмі сумаваць, і той, да якога буду прыязджаць у школу нават пасля выпуску. Веру, што і іншыя яе вучні, як і я, будуць памятаць яе добрае сэрца і мудрыя навучанні ўсё жыццё. Настаўнікі, падобныя ёй, – гэта гонар нашай школы і надзея на светлую будучыню.

Партнерский материал