24 мая адзначаецца Дзень славянскага пісьменства

81
24 мая адзначаецца Дзень славянскага пісьменства

24 мая ўсе славянскія народы, якія карыстаюцца кірылічным алфавітам, адзначаюць Дзень славянскага пісьменства. У Беларусі ён святкуецца з 1986 года і называецца Дзень славянскага пісьменства і культуры.

Гэты дзень звязаны з імёнамі Кірыла і Мяфодзія, якія стварылі славянскую пісьменнасць і перавялі з грэцкай мовы богаслужбовыя кнігі. Сярод іх – апостальскія пасланні, Псалтыр і выбраныя чытанні з Евангелля.

На славянскіх мовах у свеце размаўляе больш за 400 млн чалавек.
У групу славянскіх уваходзіць па розных падліках ад 10 да 18 моў.
Старажытнаславянскі алфавіт складаўся з 49 літар, кожная з якіх мела сваю назву. Характэрна, што стараславянская мова не мела формы цяперашняга часу, затое ў ёй было чатыры формы мінулага, і тры – будучыні.

Дарэчы, і ўклад беларускага пісьменства ў сусветную культуры значны.
Так, пакуль у гады сярэднявечча ў краінах Заходняй Еўропы ўмелі чытаць толькі святары, і нават царскія асобы замест подпісу ставілі крыжык, у Полацкім княстве пісьменнасць была ў пашане нават сярод простых людзей. Пры многіх храмах і манастырах былі бібліятэкі, дзейнічалі майстэрні па перапісцы кніг.
Беларускае кнігадрукаванне з’явілася ў першай чвэрці XVI стагоддзя і звязана з дзейнасцю Францыска Скарыны. Першая яго кніга – «Псалтыр» — выйшла ў свет 6 жніўня 1517 года.

Менавіта ў 1588 г. беларусы сталі першай еўрапейскай нацыяй з уласным канстытуцыйным заканадаўствам. Тады быў зацверджаны, напісаны на старабеларускай мове, Статут Вялікага Княства Літоўскага. Збор законаў меў шматлікія рысы сапраўднай Канстытуцыі, пабудаванай на прынцыпах дэмакратыі, роўнасці, справядлівасці і вяршэнства права.

А вы ведалі, што ў слова «Буквар» беларускія карані? У 1631 годзе выдавец Спірыдон Собаль напісаў яго на вокладцы свайго дапаможніка для навучання чытанню. Адбылося гэта ў друкарні Богаяўленскай Куцеінскай лаўры – манастыра на ўскраіне Оршы. І гэты «Буквар» стаў бэстсэлерам свайго часу. Тыраж у 35 тысяч асобнікаў у малапісьменную эпоху – не жартачкі!

Вывучаючы беларускую літаратуру ў школе, мы часцей за ўсё ўспрымаем пісьменнікаў выключна ў кантэксце нашай гісторыі. Але беларускіх паэтаў і празаікаў ведаюць і за мяжой. Іх кнігі перакладаюцца на іншыя мовы, і людзі з усяго свету могуць дакрануцца з іх дапамогай да душы беларускага народа. Сярод самых вядомых у свеце беларускіх аўтараў: Янка Купала, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Янка Маўр і многія іншыя.

Чытайце па-беларуску, паважайце сваю спадчыну і ганарыцеся ёю.

Партнерский материал