У раённай дзіцячай бібліятэцы адкрылася этнаграфічная экспазіцыя «Да вытокаў народнай культуры». Пра тое, як зарадзілася гэтая ідэя, чаму важна захоўваць нацыянальныя традыцыі і што ўбачаць наведвальнікі, пагутарылі з дырэктарам бібліятэчнай сеткі Крычаўскага раёна Таццянай Бабровай.

– Таццяна Уладзіміраўна, да Міжнароднага дня роднай мовы і ў рамках рэспубліканскага праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё» ў дзіцячай бібліятэцы адкрылася этнаграфічная экспазіцыя. Раскажыце, як узнікла гэтая ідэя?
– Ідэя стварэння экспазіцыі нарадзілася не на пустым месцы. У гэтага праекта ёсць свая перадгісторыя, і яна вельмі кранальная. Вытокі ўзыходзяць да ініцыятывы Аляксандры Міхайлаўны Пруднікавай, былога супрацоўніка Лабковіцкай сельскай бібліятэкі. Яна прысвяціла бібліятэчнай справе больш за 39 гадоў і была сапраўдным знаўцам краязнаўства. Аляксандра Міхайлаўна разумела: гісторыя — гэта не толькі сухія радкі дакументаў, але і тыя прадметы, якія атачалі нашых продкаў у паўсядзённым жыцці. Так, у яе бібліятэцы пачалі з’яўляцца першыя экспанаты: старадаўнія прасы, гліняныя крынкі, вышытыя ручнікі. Сёння наша задача – прадоўжыць гэтую карпатлівую працу, захаваць гістарычную памяць і перадаць яе дзецям.
– Якую галоўную мэту вы ставілі перад сабой, адкрываючы экспазіцыю?
– Самае важнае – далучыць падрастаючае пакаленне да нашых нацыянальных традыцый, сфарміраваць грамадзянска-патрыятычную свядомасць, захаваць гістарычную памяць. Мы хочам, каб дзеці не проста ведалі гісторыю па падручніках, а маглі дакрануцца да яе рукамі, адчуць сувязь часоў. Калі дзіця бачыць прадметы, якімі карысталіся яго прапрабабулі, калі ён можа патрымаць у руках драўляную лыжку або разгледзець узор на ручніку, гісторыя ажывае. Гэта фарміруе глыбокую прыхільнасць да малой радзімы, пачуццё гонару за свой народ.

– Што тут змогуць убачыць наведвальнікі?
– Экспазіцыя атрымалася вельмі насычанай і разнастайнай. Мы пастараліся ўзнавіць атмасферу беларускай даўніны. У нас прадстаўлены прылады працы – калаўрот, драўляны посуд, каромысла, лапці. Ёсць сапраўдныя прасы на вуглях – дзецям гэта асабліва цікава, яны са здзіўленнем даведваюцца, як нашы продкі гладзілі вопратку. Асобны гонар – калекцыя нацыянальнага адзення: кашулі, паясы, какошнікі… Усё гэта з унікальнай арнаментыкай, характэрнай для нашага рэгіёна. І вядома, мы стварылі куток сялянскай хаты – з драўлянай лаўкай, самаварам на стале. Гэта месца адразу становіцца цэнтрам прыцягнення для маленькіх наведвальнікаў.
– Экспазіцыя разлічана толькі на дзяцей або дарослым таксама будзе цікава?
– Мы адрасавалі яе ўсім, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, этнаграфіяй і культурнай антрапалогіяй. Тут кожны знойдзе для сябе нешта важнае.

– Ці плануецца далейшае развіццё экспазіцыі?
– Абавязкова. Мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым. Экспазіцыя будзе сістэматычна папаўняцца новымі матэрыяламі і цікавымі інтэрактыўнымі элементамі. Мы хочам, каб наведванне бібліятэкі ператваралася ў сапраўднае падарожжа ў мінулае, бо без мінулага няма будучыні, і вельмі важна, каб нашы дзеці ведалі і любілі сваю гісторыю. А мы ў бібліятэцы заўсёды рады дапамагчы ім у гэтым.












