«Запаведзь новую даю вам, каб вы любілі адзін другога;

так як Я вас узлюбіў, каб і вы любілі адзін аднаго»  Ян 13, 34

Гэтыя словы Хрыста павінны быць для нас не толькі святлом, але і полымем, якое спальвае эгаізм, таму што ён не дазваляе развівацца святасці. Езус узлюбіў нас да канца, да вяршыні любові – да Крыжа. Любоў павінна струменіць з нас, з нашага адзінства з Хрыстом, павінна быць выразам нашай любові да Бога. Любоў павінна быць для нас такой жа натуральнай справай, як жыццё і дыханне – дзень за днём, аж да смерці. А пасля смерці таксама сустрэцца з адвечнай Любоўю, якой ёсць сам Бог.

Хрыстос паміраў на крыжы за кожнага, без выключэння. Бо ўсе мы зграшылі. І Ён выбаўляе нас ад грахоў нашых, праз складзеную ахвяру са свайго жыцця на дрэве крыжа. Таму будзем жа любіць нашых братоў, сясцёр, бацькоў, сужонкаў, старэйшых людзей і будзем жыць у згодзе з суседзямі і ўсімі, хто побач з намі, і паважаць адзін аднаго, нягледзячы на тое, што мы і не падобныя часам знешне, з-за колеру скуры, ці рознай мовы, культуры, поглядаў і веравызнання. Але калі прыгледзімся ўважліва, то заўважым, што ўсіх нас аб’ядноўвае шмат – усе мы з’яўляемся творам Адзінага Бога і Ягонымі дзецьмі. 
«Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува мне, а я ў Табе,каб і яны ў нас адно былі, каб паверыў свет, што Ты мяне паслаў»  Ян 17, 21  

Бог клапоціцца пра нас і жадае, каб мы трывалі ў адзінстве. Гэта так прыгожа, што мы хоць і ў чымсьці розныя, але дапаўняем адзін аднаго. Ён стварыў нас для вялікага: для таго, каб мы любілі і былі любімымі.

Давайце будзем сцерагчыся фальшывай любові, давайце любіць не словам і мовай, а ўчынкам і праўдаю. 

Таму прапаную ўсім нам асаблівым чынам у гэты святы час, калі мы святкуем урачыстасць Уваскрасення Хрыстовага, калі на Крыжы праявілася бязмежная любоў і міласэрнасць да чалавецтва ў выглядзе даравання нашых правінаў, падзякаваць перш за ўсё Богу за гэты вялікі дар для нас – адкупленне і яшчэ раз вызнаць сваю веру ў Хрыста Збаўцу. А таксама гэта прызывае нас падзякаваць і блізкім людям: гэта ў сям’і, і супрацоўнікам, і суседзям, і ў храме, за кожны дар сэрца, а менавіта за дар быцця побач і разам, асабліва ў цяжкія моманты жыцця. А таксама пастараемся выйсці з прымірэннем і прабачэннем да тых, з кім магчыма разладзіліся добрыя ўзаемаадносіны, каб адчуць сапраўдную хрысціянскую радасць у сваім сэрцы і прынесці гэтую радасць бліжняму.

А там, дзе ёсць паміж людзьмі радасць, адзінства і любоў, – там прабывае сярод іх Бог.

Хрыстос Уваскрос! Аллелюя! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя! 

Са шчырымі словамі віншаванняў і малітвай за ўсіх Вас.

 

кс. Павел Адамовіч,настаяцель рымска-каталіцкіх парафій у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Крычаве і г. Мсціслаўлі.

 

 

Фото из открытых источников, носит иллюстративный характер