Рэспубліканская ініцыятыва «Слова тыдня» праходзіць у дзіцячых садках Крычава

140
Рэспубліканская ініцыятыва «Слова тыдня» праходзіць у дзіцячых садках Крычава

У 2026 годзе ва ўстановах дашкольнай адукацыі Беларусі шырока рэалізуецца адукацыйны праект «Моўны ланцужок». Ён дапамагае дзецям праз гульню і творчасць бліжэй пазнаёміцца з роднай мовай і палюбіць яе. Праект праходзіць у рамках больш шырокай рэспубліканскай ініцыятывы «Слова тыдня».

Не застаўся ў баку і дзіцячы садок №4 горада Крычава. Тут выхаванцы актыўна вывучаюць новыя беларускія словы: цукерка, талерка, грошы, цацка і іншыя. Прычым дзеці не проста запамінаюць іх – яны імкнуцца як мага часцей ужываць гэтыя словы ў паўсядзённым жыцці, падчас гульняў і зносін. Напрыклад, размаляваць талерку на паперы, зляпіць з пластыліна цукерку, а старэйшыя дзеці  нават могуць паразважаць навошта кожнаму з нас грошы.

Як адзначыла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Алена Гардзіеўскіх, такія тэматычныя тыдні будуць праходзіць на працягу ўсяго года: «Хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі падабаецца такія словы, і гэта вельмі для іх карысна, – падкрэсліла Алена Пятроўна. – Кожны тыдзень прысвечаны новаму слову, і дзеці з цікавасцю чакаюць, якое слова яны будуць вывучаць наступным. Праз гульню, казкі, творчыя заняткі выхавальнікі дапамагаюць ім не проста запомніць слова, а адчуць яго прыгажосць і мілагучнасць. Вельмі важна, што бацькі таксама далучаюцца да працэсу: у групах размешчана інфармацыя пра слова тыдня, і дома сям’я можа працягнуць гэтую працу. Такім чынам родная мова ўваходзіць у жыццё дзіцяці натуральна і радасна».

Праект «Моўны ланцужок» накіраваны на тое, каб праз пастаяннае пагружэнне ў моўнае асяроддзе ўзбагачаць слоўнікавы запас дзяцей і выхоўваць у іх цікавасць да роднага слова з самага юнага ўзросту. І крычаўскія дашкольнікі – яркі таму прыклад.

Партнерский материал